Восеньскі марафон у полі "Агракамбіната "Ждановічы"
У Мінскім раёне прайшоў конкурс аратых, у якім удзельнічалі лепшыя механізатары сельгаспрадпрыемстваў. Традыцыйнае мерапрыемства сёлета ўпершыню праводзілася ў некалькі этапаў. Пачалося яно ў агракамбінаце "Ждановічы".
У Мінскім раёне прайшоў конкурс аратых, у якім удзельнічалі лепшыя механізатары сельгаспрадпрыемстваў.
Традыцыйнае мерапрыемства сёлета ўпершыню праводзілася ў некалькі этапаў. Пачалося яно ў агракамбінаце «Ждановічы».
— Мы надаем гэтаму конкурсу сур'ёзнае значэнне, — падкрэсліў галоўны спецыяліст па механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мінскага райвыканкама Міхаіл Прыдыбайла. — Гэта не проста спаборніцтвы, але і вучоба. А ў тым, што яна неабходная, сумнявацца не даводзіцца, бо якасць ворыва ў асобных нашых гаспадарках пакідае жадаць лепшага.
Для ўдзелу ў спаборніцтвах гаспадаркі дэлегавалі вопытных земляробаў, бо ім трэба было правесці ворыва ў строгай адпаведнасці з галіновым тэхналагічным рэгламентам.
Спецыялісты ўсяляк падтрымлівалі сваіх механізатараў, давалі ім неабходныя навучанні. Праўда, часу для гэтага ў іх было няшмат, таму канкурсантам у асноўным даводзілася спадзявацца на саміх сябе. Напрыклад, Віталь Малевіч з Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі стаў лепшым у спаборніцтвах, якія праходзілі на поле агракамбіната "Ждановічы". Нягледзячы на сваю адносную маладосць, ён дасведчаны механізатар, адчувае машыну, і яна яго не падводзіць. Баразну вядзе, як па шнуры.

Пад стаць калегу і механізатары Міхаіл Логінаў з агракамбіната «Ждановічы» і Андрэй Сакалоў з ААТ «Ігнацічы». Яны крыху саступілі ў майстэрстве Віталю, але таксама паказалі добрыя вынікі. Узараная імі глеба выглядала своеасаблівым роўным дываном, на ёй не было заўважана значных заган, якія на практыцы ўскладняюць далейшую апрацоўку зямельнага пласта.